Вацлав Пануцевич «Zamojdz і Litva: Roznyja krainy і narody» (Чыкага, 1953—1954) части 1-5 .pdf
При перегонке сканов в ПДФ появились некоторые огрехи. Но,для пытливого чтеца они не станут неопреодолимым валом. Вся книга разбита на 5 частей.
Часть 1 - главы 1-4
http://ifolder.ru/19616140
Часть 2 - главы 5-7
http://ifolder.ru/19616363
Часть 3 - главы 8-10
http://ifolder.ru/19616512
Часть 4 - глава 11
http://ifolder.ru/19616761
Часть 5 - глава 12
http://ifolder.ru/19616943
Содержание каждой главы можно посмотреть на
http://www.photoshare.ru/office/album.php?id=238639 ...
V.Panucevic,Krytycnyja zaciemki Pra ncyjanalny charaktar V.K.L. - artykul P.Urbana u ZAPISACH kn.3./// navukovy casapis LITVA nr.1. Studzien-Cervien 1967 Chicago USA
http://ifolder.ru/19596923
Kнига Алеся Жлуткі "Миндаў-кароль Літовіі"
http://ifolder.ru/14909906
-----------
Андрэй Вашкевіч
ВАЦЛАЎ ПАНУЦЭВІЧ У БЕЛАРУСІ АМАЛЬ НЕВЯДОМЫ
"Эгаізм чалавека ёсць прычынай панавання над другім, усіх здзекаў і няволі. Гэты эгаізм з адзінкі пераходзіць на групы, класы і народы і хоча існаваць і жывіцца іншымі. У сіле, у звярынасці бачыць справядлівасць, якая яму прыносіць карысць. Вось гэты эгаізм і засланяе вочы людзей, туманіць розум, творачы тэорыі расізму і шавіністычнага нацыяналізму і барацьбы класаў і народаў". Гэтыя глыбокія словы былі напісаныя ў 1938 годзе, напярэдадні самай крывавай у сусветнай гісторыі вайны, чалавекам, якому лёсам наканавана было апынуцца ў віры падзеяў 1939 -1945 гг. і ў выніку іх назаўсёды пакінуць Беларусь. Ні пры жыцці, ні пасля смерці Вацлаў Пануцэвіч не быў шырокавядомай на Бацькаўшчыне асобай, а вось у беларускіх эмігранцкіх колах, асабліва Нямеччыны, ЗША і Канады, яго ведалі як выдатнага гісторыка, выдаўца, рэлігійнага, грамадскага і палітычнага дзеяча.
Толькі на працягу апошніх шасці-сямі гадоў у беларускіх газетах і часопісах пачалі з'яўляцца працы Вацлава Пануцэвіча. Яго навуковая спадчына (а гэта найперш работы, прысвечаныя старажытнай і навейшай гісторыі Беларусі) стала даступнай шырокаму чытачу ў нашай краіне. Перадрукі даследванняў В.Пануцэвіча з'яўляліся ў "Спадчыне", "Беларускай мінуўшчыне", "Нашай Веры", найбольш значную работу "Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918-1919 гадох" друкавала ў першай палове 1994 года гарадзенская "Пагоня". І вось у канцы 2000 года ў Полацку асобнаю кнігай выйшла грунтоўнае даследаванне Вацлава Пануцэвіча "Сьвяты Язафат", прысвечанае асобе уніяцкага рэлігійнага дзеяча, святога Язафата Кунцэвіча. На жаль, рэдакцыйныя артыкулы, што папярэднічаюць працам В.Пануцэвіча, не вылучаюцца багаццем інфармацыі аб жыцці і дзейнасці аўтара. Агулам складаецца ўражанне, што біяграфія Вацлава Пануцэвіча для чытачоў і нават даследчыкаў беларускай гісторыі працягвае заставацца белаю плямай, хаця ў гістарычнай літаратуры цяпер можна нярэдка знайсці спасылкі на працы, напісаныя В.Пануцэвічам. Гэты артыкул ёсць спробай абагульніць усе сабраныя аўтарам факты біяграфіі В.Пануцэвіча ў больш-менш цэльную карціну яго жыцця ў Беларусі і па-за яе межамі. Хочацца таксама заклікаць усіх тых, хто валодае больш грунтоўнай інфармацыяй пра дзейнасць Вацлава Пануцэвіча, адклікнуцца і расказаць ведамае ім. Тым больш, што яго творы пачынаюць прабіваць сабе дарогу да чытача на Беларусі.
Найперш неабходна патлумачыць, што сапраўднае прозвішча спадара Вацлава не Пануцэвіч, а Папуцэвіч. Адну літару ў сваім прозвішчы ён памяняў ужо напрыканцы вайны, калі знаходзіўся ў Нямеччыне, хутчэй за ўсё, каб пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз. Каб не трапіць у чорныя спісы савецкіх спецслужбаў (а тыя актыўна пераследавалі асобаў, што супрацоўнічалі ў час вайны з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі), падобны крок здзейснілі многія беларускія дзеячы. Адсюль вядзе свой пачатак блытаніна, калі ў падзеях 1935-1944 гг. нам вядомы Вацлаў Папуцэвіч, а ўжо ў Нямеччыне напрыканцы 1945 года і пазней у ЗША мы сустракаем грамадскага дзеяча і гісторыка Вацлава Пануцэвіча.
Вацлаў Пануцэвiч
Дакладныя месца і дата нараджэння Вацлава Пануцэвіча дагэтуль невядомыя.
Нарадзіўся ён хутчэй за ўсё недзе ў другой палове 1910 – першай палове 1911 гадоў. Аўтары некаторых выданняў, у якіх змешчаны невялікія занатоўкі пра Вацлава Пануцэвіча (а гэта ў першую чаргу зборнік "Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя"), сцвярджаюць, што радзімай В. Пануцэвіча была Віленшчына. Аднак ніхто не называе канкрэтнае месца нараджэння. Існуе і іншая версія. Як паведамляла гарадзенскаму таварыству скаўтаў яшчэ ў першай палове 1990-х гг. жыхарка Чыкага Вера Рамук (Жызнеўская), што было асабіста знаёмая з Вацлавам Пануцэвічам з часоў знаходжання ў лагеры для перамешчаных асобаў у Нямеччыне другой паловы 1940-х гг., Вацлаў Пануцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Гожа, што каля Горадні. Цяпер праверыць гэтае сцверджанне даволі цяжка, найперш з-за адсутнасці звестак пра яго маладыя гады, аднак трэба адзначыць, што ў Горадні ды бліжэйшых ваколіцах прозвішча Папуцэвіч сустракаецца даволі часта.
Наступная згадка пра Вацлава Пануцэвіча з'яўляецца толькі ў другой палове 1935 года. Ён – студэнт Віленскага універсітэта Стэфана Баторага, навучаецца на юрыдычным факультэце. Адсюль, а таксам з Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі (Вацлаў Пануцэвіч быў выключаны з яе за беларускую працу) вядзе свой пачатак грунтоўная філалагічная падрыхтоўка спадара Вацлава, асабліва ў галіне лацінскай мовы, веданне якой значна дапамагло яму падчас працы з сярэднявечнымі помнікамі пісьменнасці, што датычыліся гісторыі Беларусі.
У гэты ж самы час адбылася падзея, якая вырашальным чынам паўплывала на ўвесь далейшы жыццёвы шлях Вацлава Пануцэвіча – знаёмства з дзеячамі найбольш уплывовай беларускай нацыянальнай партыі ў міжваеннай Польшчы – Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Дамо тут слова самому Вацлаву Пануцэвічу: "У канцы 1935 г. я асабіста запазнаўся з кс. Гадлеўскім ды да верасня 1939 быў яго супрацоўнікам. Перш я сустрэўся з кс. Адамам Станкевічам ды ягонымі супрацоўнікамі, што гуртаваліся пры вуліцы Завальная №1, дзе была друкарня і ўсе ўстановы БХД. Кс. Гадлеўскі ў гэтым часе вельмі крытычна адносіўся да ідэалагічнай дзейнасці кс. Станкевіча і ягонай групы… В.Гадлейскі на мяне зрабіў прыцягаючае ўражанне. Таму я таксама далучыўся да ягонай групы. Я адчуваў у ім чалавека глыбока веруючага, перанятага лёсам свайго народу ды незалежніка. Усё гэта мне болей падабалася, чымся дзейнасць кс. Станкевіча і ягонай групы".
Паспрабуем патлумачыць гэтую цытыту на шырэйшым гістарычным матэрыяле. У другой палове 1930-х гг. у Еўропе ўжо пачуваўся подых новай вайны і значныя змены ў знешнепалітычнай сітуацыі не маглі паўплываць на ўнутраную палітыку еўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку і Польшчы. Татальная мілітарызацыя краіны, абмежаванне грамадзянскіх правоў насельніцтва па канстытуцыі Другой Рэчы Паспалітай, прынятай у красавіку 1935 года, новая хваля польскага шавінізму, сімвалам якой быў створаны на беларускіх землях канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, перарвалі апошнія ніці, пры дапамозе якіх яшчэ можна было наладзіць беларуска – польскае ўзаемапаразуменне. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, бясспрэчнымі лідэрамі якой былі ксяндзы Адам Станкевіч І Вінцэнт Гадлеўскі, хаця і заяўляла дасягненне поўнай незалежнасці Беларусі як канчатковую мэту дзейнасці партыі, да сярэдзіны 1930-х гг. фактычна арыентавалася на палітычную барацьбу, што не выходзіла за межы канстытуцыі (г. зн. прызнавала цэласнасць польскай дзяржавы). У новых палітычных умовах пачалася барацьба за рэформу БХД, тады і выявіліся супярэчнасці паміж двума галоўнымі ідэолагамі партыі. Кс. Адам Станкевіч імкнуўся надаць БХД агульнанацыянальны характар, адкрыць шляхі да супрацоўніцтва з усімі антыфашыстоўскімі партыямі Польшчы, у тым ліку і КПЗБ. Менавіта такую палітыку праводзіла ўтворанае кс. А.Станкевічам і яго бліжэйшымі супрацоўнікамі Адольфам Клімовічам і Янкам Шутовічам Беларускае Народнае Аб'яднанне. Кс. В.Гадлеўскі у сваю чаргу застаўся на цвёрдых антыкамуністычных пазіцыях і бачыў перспектыву ў супрацоўніцтве беларусаў з краінамі Восі ў выпадку новай вайны… Пасля расколу БХД летам 1936 года групоўка В.Гадлеўскага стварыла ўласную арганізацыю – Беларускі Народны Фронт. Можна меркаваць, што Вацлаву Пануцэвічу больш імпанавала выразная нацыянальная (ці нават нацыяналістычная) пазіцыя В. Гадлеўскага, таму ён і далучыўся да яго групоўкі. Аднак канчатковае палітычнае размежаванне дзеячаў былой БХД адбылося толькі праз паўгода пасля таго, як Вацлаў Пануцэвіч пазнаёміўся з ксяндзамі Гадлеўскім і Станкевічам. У канцы ж 1935 га – першай палове 1936 гадоў ён паспеў яшчэ прыняць дзейсны ўдзел у працы структураў рэфармаванай і пакуль што яшчэ адзінай БХД–БНА.
1 снежня 1935 года Вацлаў Пануцэвіч разам з А.Дасюкевічам, А.Смаршчком і М.Канцэлярчыкам згадваецца як сябра рэдкалегіі "Студэнцкай трыбуны" (моладзевага дадатку да газеты "Беларуская Крыніца” – галоўнага інфармацыйнага выдання БХД). У наступных нумарах "Студэнцкай трыбуны" друкуецца некалькі невялікіх артыкулаў, падпісаных літарамі В.П. Першы так падпісаны артыкул з'явіўся 15 снежня 1935 года пад назвай "Студэнцкае сьвята" і быў прысвечаны святкаванню 15-й гадавіны Беларускага Студэнцкага Саюзу. Вацлаў Пануцэвіч заставаўся актыўным супрацоўнікам гэтага выдання да вясны 1936 года. Яшчэ адным важным накірункам яго дзейнасці ў гэты перыяд з'яўляеца праца ў Беларускім Інстытуце Гаспадаркі і Культуры (БІГіКу). БІГіК як і Таварыства Беларускай Школы займаўся асноўным чынам пытаннямі культуры асветніцкай работы сярод шырокіх мас насельніцтва Заходняй Беларусі, але ў адрозненні ад ТБШ знаходзіўся пад уплывам дзеячаў хрысціянска-дэмакратычнага накірунку ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. 26 лютага 1936 года Вацлаў Пануцэвіч (тады яшчэ Папуцэвіч) у якасці сакратара прысутнічае на сходзе Віленскага аддзелу БІГіКу, дзе быў абраны сакратаром краязнаўчай секцыі гэтага аддзела інстытута, а таксама ўвайшоў у склад Урада (праўлення інстытута) у якасці гаспадара (заўхоза). У пачатку траўня таго ж года Вацлаў Пануцэвіч згадваецца "Беларускай Крыніцай" ужо як намеснік сябра Цэнтральнага ўрада БІГіКу. Удзельнічае В.Пануцэвіч і ў культурных мерапрыемствах, што арганізоўваліся БІГіКам. Так 25 красавіка 1936 года В.Пануцэвіч і студэнт Бабок з навуковай пункту погляду баранілі існаванне Бога, супраць іх выступаў В.Тумаш. Такое цікавае мерапрыемства мела шырокі розгалас сярод віленскай грамадскасці.
Аднак ужо ў чэрвені 1936 года з выхадам у свет першага нумара газеты "Беларускі Фронт" раскол БХД–БНА стаўся фактам. З гэтай нагоды рэдактар "Беларускага Фронту" В.Гадлеўскі пісаў: "Бяручы пад увагу факт, што ў шырокіх грамадскіх колах маё прозвішча часта атаясамліваецца з БНА (раней БХД), а таксама з некаторымі яго кіраўнікамі, падаю да агульнага ведання, што ў апошнім часе, у сувязі са зменай палітычнай лініі БНА, сувязі такой няма і за цяперашні накірунак БНА не нясу адказнасці перад беларускім народам і гісторыяй". Лінію Гадлеўскага падтрымалі Мікалай Шкялёнак, інж. Лявон Дубейкаўскі і студэнт Вацлаў Пануцэвіч. Вацлаў Пануцэвіч прымае абавязкі выдаўца "Беларускага Фронту". Усяго да верасня 1939 году выйшла 50 нумароў газеты. Выданне неаднаразова канфіскоўвалася, а рэдактар і выдавец падвяргаліся рэпрэсіям з боку ўладаў. Так за артыкул "Дзяржаўная незалежнасць Беларусі" (жнівень 1938г.) В.Пануцэвіч атрымаў год астрогу. Праўда, пакаранне было хутчэй за ўсё завешана, бо ў 1938-39 акадэмічным годзе В.Пануцэвіч працягвае навучанне ва ўніверсітэце. Выдае і рэдагуе В.Пануцэвіч таксама і студэнцкі часопіс "25 сакавіка". Разам са "Студэнцкай Думкай "25 сакавіка" быў адным з самых значных выданняў беларускай моладзі напрыканцы 1930-х гг. Як пісала "Хрысціянская Думка", "часапіс гэты да беларускіх нацыянальных і сацыяльных праблемаў спрабуе падыходзіць з гледзішча хрысціянскага". Да канца 1938 года выйшла 4 нумары "25 сакавіка". І "Беларускі Фронт", і "25 сакавіка" знаходзіліся ў апазіцыі да прэсы, што кантралявалася Ад.Станкевічам – "Хрысціянскай Думкі" і "Шляху Моладзі" – і прапагандавала неабходнасць стварэння Беларускай Народна-Радыкальнай Партыі, галоўнай мэтай якой павінна было быць падтрыманне ідэі незалежнай Беларусі.
З выбухам вайны 1 верасня 1939 года Вацлаў Пануцэвіч быў змабілізаваны ў польскае войска, прычым служыць павінен быў у 81 пяхотным палку гарадзенскіх стральцоў імя Стэфана Баторага, які размяшчаўся ў Горадні. Дарэчы сказаць, гэты полк польскай арміі быў тэрытарыяльным, у ім служылі толькі ўраджэнцы Гарадзеншчыны, што яшчэ раз сведчыць на карысць другой версіі аб месцы нараджэння Вацлава Пануцэвіча. У свой полк трапіць В.Пануцэвіч хутчэй за ўсё не паспеў (яшчэ ў канцы жніўня 81шы полк пакінуў Горадню, каб потым прыняць удзел у баях з усходнепрускай групоўкай нямецкіх войскаў) і 22 верасня трапіў у савецкі палон разам з іншымі салдатамі гарадзенскай групоўкі войскаў, якія спрабавалі прабіцца на тэрыторыю нейтральнай Літвы.
Беларускi Студэнцкi Саюз
Звесткі аб жыцці Вацлава Пануцэвіча ў перыяд з восені 1939га па чэрвень 1941 года значна разыходзяцца. Як сцвярджае польская даследчыца Алена Глагоўская ў каментарах да ўспамінаў Анэлі Катковіч (Беласток, 1999), Вацлаў Пануцэвіч разам са сваёю жонкаю Ірэнаю Будзькаю (дачкою знакамітага "нашаніўца" Эдварда Будзькі) жыў і працаваў настаўнікам у Будславе.
"Цікавую" версію абгрунтаваў сумнавядомы сваімі выкрывацельствамі "Политический собеседник" (1989, №12). У часопісе параўноўваліся два фотаздымкі, на першым група актывістаў Саюза Беларускай Моладзі пачатку 1930-х гг. (хаця СБМ быў заснаваны толькі падчас другой сусветнай вайны, а гэтае фота было надрукавана "Беларускай Крыніцай" у пачатку 1936 года, на ім была Рада рэфармаванай БХД), на другім група палонных беларусаў з польскага войска падчас рэгістрацыі ў ваколіцах Магдэбургу, чэрвень 1940 года (дзеячы Беларускай Нацыянал – Сац. Партыі з дазволу немцаў сапраўды адбіралі беларусаў сярод палонных польскага войска). В.Пануцэвіч, А.Дасюкевіч і Мядоўскі на першым фотаздымку параўноўваюцца з асобамі ў фашысцкай форме на другім. Сапраўды цікавае, хаця і бязглуздае меркаванне.
Кнiгi i часопiсы, якiя выдаваў В. Пануцэвiч на эмiграцыi
Найбольш пэўнаю з'яўляецца інфармацыя самога Вацлава Пануцэвіча, што з восені 1939 па чэрвень 1941 года ён жыў у Горадні, дзе працаваў настаўнікам разам са свайю жонкаю. Вацлаў Пануцэвіч знаходзіўся ў няпростым становішчы. Кс. В. Гадлеўскі заклікаў з акупаванай немцамі Варшавы да барацьбы з бальшавікамі, а яго былы супрацоўнік увесь час быў пад наглядам НКВД. В Пануцэвіч прыгадвае адзін выпадак, калі пад выглядам сувязнога з Варшавы да яго прыйшоў савецкі агент. "Я пры спатканні незнаёмага выведніка быў насцярожаны ды павёў так гутарку, каб даведацца больш аб дзейнасці беларусаў у Нямеччыне й Варшаве, у асаблівасці групы кс. Гадлеўскага, чымся выказаць сваю згоду на пераход у Польшчу ці паказаць тут нашу патрыятычную дзейнасць. Паколькі ў крыжовым агні маіх пытанняў выведнік супярэчліва ці навогул не хацеў адказваць, я ўпэўніўся, што ён на савецкім баку. Тады заявіў яму, што я не жадаю мець з групай кс. Гадлеўскага й варшаўскім камітэтам ніякіх дачыненняў. Паколькі я праслядзіў гэтага выведніка, калі ён выйшаў з майго памяшкання, што пайшоў проста ў галоўнае НКВД у Горадні, дык я пайшоў у раённы аддзел (дзе я жыў) і заявіў аб бытнасці ў мяне выведніка з Нямеччыны. Тут здарылася даволі смешная справа. Дзяжурны нкавудыст (жаўнер) добра не дачуў майго апавядання аб выведніку, а зразумеў, што я маю нейкія прэтэнзіі да чалавека, які мяне адведваў і якога я надаваў рысапіс. Ён умяшаўся ў гутарку і сказаў мне:
- Што вы хочаце ад гэтага маладога чалавека? Ён працуе ў нас".
22 чэрвеня 1941 года Вацлаў Пануцэвіч таксама сустрэў у Горадні. Ужо ў канцы лета ён актыўна далучыўся да працы Беларускага нацыянальнага камітэта, арганізаванага беларускімі дзеячамі ў ліпені 1941 г. у Беластоку. Як паведамляе ў сваіх успамінах Язэп Малецкі, у пачатку кастрычніка інжынер Аляксандр Русак і Вацлаў Пануцэвіч прыязджалі ў Вільню, каб наладзіць сувязь з віленскім БНК. У Горадні жа да пачатку лістапада 1941 г. былі створаныя зачаткі беларускай паліцыі, а таксама вяліся настаўніцкія курсы, якія і ўзначаліў В.Пануцэвіч. Планавалася стварэнне беларускай праваслаўнай духоўнай семінарыі, аб чым звяртаўся 27 кастрычніка 1941 г. у гарадзенскі БНК япіскап Антоній. У кастрычніку В.Пануцэвіч быў нават прызначаны бургамістрам Горадні і на працягу аднаго месяца павінен быў пераняць справы ў паляка Гарбачэўскага, аднак далучэнне Беластоцкай акругі да Усходняе Прусіі звяло ўсе намаганні беларускіх дзеячоў на нішто.
Кнiгi i часопiсы, якiя выдаваў В. Пануцэвiч на эмiграцыi
У сярэдзіне лістапада 1941 года В.Пануцэвіч і разам з ім каля 100 чалавек выехалі з Горадні для беларусізацыі адміністрацыі акругаў Баранавічы, Слонім, Наваградак, Ліда. В.Пануцэвіч пасяліўся ў Баранавічах, дзе пражыў да лета 1944 года. Дзейнасць яго хутчэй за ўсё была звязана са школьніцтвам, бо ў верасні 1942 года ён наведваў беларускага школьнага інспектара ў Лідзе. Некалькі разоў сустракаўся з кс. Гадлеўскім, але актыўнага ўдзелу ў перыпетыях палітычнай барацьбы не прымаў.
Падзеі ліпеня 1944 года вымусілі Вацлава Пануцэвіча падацца ў выгнанне. Наступны раз мы сустракаем яго ўжо ў другой палове 1945 года як аднаго з арганізатараў беларускага жыцця ў лагеры для перамешчаных асобаў Ватэнштэт, што знаходзіўся ў Ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны (за 10 км ад Браўншвайгу, Ніжняя Саксонія). Лагер быў даволі вялікі, у пачатку 1948 года ў ім было 716 беларусаў-уцекачоў з БССР. Ужо 15 лістапада 1945 года ў лагеры была адкрыта гімназія імя Максіма Багдановіча, якая працавала аж да ліквідацыі лагера ў лютым 1950 года. Першым дырэктарам стаў Вацлаў Пануцэвіч, ён жа выкладаў лацінскую мову, яго жонка – прыродазнаўства. Навучанне ў гімназіі адыграла значную ролю ў выхаванні некалькі дзесяткаў маладых беларусаў, адарваных ад Бацькаўшчыны. Цяжка перацаніць ролю Вацлава Пануцэвіча ў арганізацыі скаўцкага руху сярод беларусаў у Нямеччыне. У 1946 годзе ён арганізаваў першы злёт беларускіх скаўтаў, прыняў удзел у выданні часопісаў "Шляхам жыцця" і "Напагатове". У Флёнбургу В.Пануцэвіч выдаў дапаможнікі для скаўцкай работы: "Скаўцкая кніжка", "Праца ў звязе", "… для кіраўнікоў скаўтаў". Скаўты мелі добрую арганізацыю і гуртавалі вакол сябе значную частку беларускай моладзі. Ужо ў красавіку 1946 года Вацлаў Пануцэвіч узначаліў Згуртаванне Крывіцкіх Скаўтаў на Чужыне (ЗКСЧ), якое ў лютым 1950 года аб'ядноўвала маладых беларусаў з Англіі, Аўстраліі, Аргентыны, Бельгіі, ЗША, Бразіліі, Канады, Нямеччыны і Францыі. У лагеры Ватэнштэт, як адзіным ва ўсёй Нямеччыне, арганізавалася беларуская каталіцкая парафія, пробашчам якой быў а. Міхась Маскалік. З красавіка 1948 года ватэнштэцкі парафіяльны камітэт выдаў уласны часопіс "Беларуская Думка", рэдагаваў яго В.Пануцэвіч.
Кнiгi i часопiсы, якiя выдаваў В. Пануцэвiч на эмiграцыi
Аднак з канца 1949 года беларускае жыццё ў лагерах для перамешчаных асобаў паступова пачынае заціхаць. Страціўшы надзею ў хуткім часе вярнуцца на Радзіму, беларусы-эмігранты пачынаюць устаткоўваць сваё жыццё на чужыне. Вясной 1950 года Вацлаў Пануцэвіч разам з сям'ёй ад'язджае ў ЗША. Сорак гадоў, пражытых Вацлавам Пануцэвічам на амерыканскай зямлі, сталі самым плённым перыядам у ягонай навуковай і грамадскай працы. Ужо ў траўні 1959 года ў Нью-Йорку было заснавана Беларуска-Амерыканскае Каталіцкае Таварыства, якое за кароткі час згуртавала вакол сябе 150 беларускіх сем'яў. Старшынём арганізацыі стаў Станіслаў Грынкевіч, віцэ-старшынём – Вацлаў Пануцэвіч. Дэлегацыя таварыства была нават прынята вядомым сваімі антыкамуністычнымі поглядамі кардыналам Спэлманам. Актыўны ўдзел у жыцці беларускай каталіцкай парафіі ўсходняга абраду ў Чыкага і выданне часопіса "Беларуская Царква" (1956-1965ггю) прынеслі В.Пануцэвічу вядомасць як значнага рэлігійнага дзеяча беларускай эміграцыі. У палітычнай працы дзейнасць В.Пануцэвіча звязана з Беларуска-Амерыканскай Нацыянальнай Радай, у склад якой увайшлі яе беларусы даваеннай і пасляваеннай хваляў эміграцыі, у тым ліку і слынны Язэп Варонка. Вацлаў Пануцэвіч у гэтай арганізацыі выконваў абавязкі сакратара. Рада выдавала свой бюлетэнь, спрабуючы звярнуць увагу амерыканскага грамадства на сітуацыю ў БССР.
Працягвалася праца В.Пануцэвіча і ў галіне скаўтынгу. У 1951 годзе ў Чыкага ім была заснавана моладзевая дружына "Пагоня", а пасля – "Арлы".
Выключна багатую спадчыну пакінуў Вацлаў Пануцэвіч у галіне гістарычнай навукі. Ягоныя работы шырока ахопліваюць старажытную і сярэднявечную гісторыю Беларусі. Толькі пералічым назвы буйнейшых яго работ: "Жамойдзь і Літва: розныя краіны і народы" (1953-1954), "З гісторыі Беларусі, або Крывіччыны-Літвы" (1965), "Пачаткі хрысціянства на нашых землях з часоў Ізяслава" (1959), "Польская мова ў ХІV-ХVІІІ ст.ст. і каталіцкі касцёл у Вялікім княстве Літоўскім" (1967). Гэтыя кнігі, а таксама часопіс "Litva" (выходзіў з 1966 г.), друкавала заснаваная Вацлавам Пануцэвічам на пачатку 1960 -х гадоў Беларуская Выдавецкая Сябрына. Гістарычныя тэорыі Вацлава Пануцэвіча, хаця і бясспрэчныя далёка не заўсёды, аднак вылучаюцца арыгінальнасцю, грунтоўным апрацаваннем, а колькасць выкарыстаных гістарычных крыніц, асабліва на лацінскай мове (вось дзе сказалася грунтоўная універсітэцкая падрыхтоўка), выклікае зайздрасць у любога гісторыка. З найбольшай увагай даследуе В.Пануцэвіч паходжанне назоваў Крывія, Літва, Жамойдзь, Яцвязь і па сутнасці першым сярод беларускіх гісторыкаў ставіць пытанне пра тое, як тэрмін Літва перамясціўся з цягам часу на тэрыторыю Жмудзі і як славяне-ліцвіны сталіся беларусамі. Як і Павал Урбан у сваёй кнізе "Да пытання аб этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў" , Вацлаў Пануцэвіч абгрунтоўвае славянскую этымалогію назова Літвы, падтрымліваючы ідэю аб тоеснасці старажытных ліцвінаў з люцічамі. Надзвычай арыгінальна, але ізноў жа вельмі доказна, выглядае сцверджанне В.Пануцэвіча аб тым, што напярэдадні "хрысціянізацыі" ў канцы ХІV ст. Літва была не паганскай, а яе насельніцтва вызнавала нейкую хрысціянскую ерась усходняга паходжання накшталт маніхейства.
Памёр Вацлаў Пануцэвіч 25 жніўня 1991 года. Апошні дзень яго жыцця стаў першым днём незалежнай Рэспублікі Беларусь. Застаецца толькі пашкадаваць, што і праз 10 гадоў імя яго працягвае заставацца на Беларусі амаль невядомым. А шлях да адраджэння – гэта ў першую чаргу шлях да сваёй гістарычнай памяці і да прынцыпаў унутранай свабоды, сфармуляваных Вацлавам Пануцэвічам: "Адрадзіць сваё "Я", гэта значыць пераламаць самога сябе і прыняць, што ня толькі існую "Я", але існуе гэткае самае "ня Я" – другі чалавек з такімі самымі прыкметамі, асабовасцю і правамі. Сваё думанне асвяціць вышэйшаю праўдай хрыстовае навукі, што ўсе людзі – браты і што творым адну велізарную грамаду чалавецтва".
Творы Вацлава Пануцэвiча, што друкавалiся ў Беларусi ў апошнiм дзесяцiгоддзi:
1. Кс. Вiнцэсь Гадлеўскi. Дзяржаўны Муж i Правадыр народу. // "Спадчына", 1993, №№ 3, 5, 6.
2. Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918-1919 гадох. // "Пагоня", 1994, №№ 4-14.
3. Sutnasc novaje demakracyji. //"Спадчына", 1997, № 4.
4. Польская мова ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. // "Наша Вера", №№ 3-6 за 1998 i №№ 1-2 за 1999 гг.
5. З гiсторыi Беларусi або Крывiччыны-Лiтвы. Урыўкi з кнiгi. // "Беларуская мiнуўшчына", № 2, 1995.
6. Сьвяты Язафат. // Полацак, "Сафiя", 2000.
http://kuferak.iatp.by/text04.htm