http://www2.polskieradio.pl/zagranica/d ... x?id=54661
Становішча беларускае мовы ў пэрыяд ВКЛ - 3
28.06.2007
Вацлаў Пануцэвіч піша, што літаратура пэрыяду XVI-XVII ст.ст. сапраўды заслугоўвае на назоў „залатога веку”. У гэтым часе былі складзеныя шматлікія летапісы, дзёньнікі, пераклады на крывіцкую мову Александрыны й Повесьці аб Троі, напісаныя былі такія аповесьці з галіны рыцарскай гераічнай літаратуры, як: Повесьць а Біруце, Повесьць а Барбары Радзівілаўне, Гісторыя аб Атыльлі, каралю вугорскім, Повесьць аб Трыстане, Повесьць аб Баве, Повесьць аб Тундале. А яшчэ ж Мэтрыка Літоўская – знакаміты архіў актаў ВКЛ. Разьвіваўся й вершаваны жанр. Вершы па-беларуску пісалі: Францішак Скарына, Андрэй Рымша, Герасім і Мялеці Сматрыцкія, Сымон Полацкі ды іншыя.
Факт, што напрыканцы XVI ст. (1596 г.) Лаўрэнты Зізані выдаў свой Лексіс – царкоўна-славянскі слоўнік, сьведчыць пра патрэбу такой працы ў сувязі з тым, што славянска-руская мова была малазразумелай для жыхароў ВКЛ. Вось некалькі прыкладаў дзеля характарысткі:
Агнец - Баранак
Баня - Лазьня
Безумен - Дурань
Блажэнство - Шчасьлівасьць
Всаднік - Коньнік
Врач - Лекар, доктар
Як відаць, тагачасная „простая мова” народу амаль ня розьніцца ад сёньняшняй беларускай мовы – заўважае В. Пануцэвіч.
У старабеларускай лексычнай сыстэме былі таксама ўкраінізмы, што абумоўлена гісторыяй літаратурна-пісьмовай мовы Беларусі, вонкавымі ды ўнутранымі фактарамі, калі, апрача беларускіх земляў, вялікая частка ўкраінскіх знаходзілася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а пазьней – Рэчы Паспалітай (V. P., Ab ukrainskaj leksičnaj varyjantnaści ŭ starabiełaruskaj piśmiennaści. U. V. Aničenka, Vieści AN BSSR, № 5, 1969. Zaŭvahi, u: „Litva”, № 4, Čykaha, studzień – śniežań 1970, s. 267-272.).
Беларускі дасьледнік Уладзімір Анічэнка, на якога спасылаецца Вацлаў Пануцэвіч, адзначае, што ўзбагачэньне старабеларускай пісьмовасьці ўкраінскімі варыянтнымі формамі й словамі зьяўляецца цікавым і неабходным для вывучэньня агульнай праблемы беларуска-ўкраінскіх пісьмовых сувязяў у мінуўшчыне. Зьяўленьне ў старабеларускай лексычнай сыстэме ўкраінізмаў датуецца канцом XVI ст. Тады замацавалася ды пазьней доўга трывала літаратурная беларуская мова зь некаторымі аспэктамі мовы ўкраінскае. З часам, у XVII ст. гэтая мова стала дыфэрэнцыявацца. На Беларусі яна ачысьцілася ад украінізмаў, а на Ўкраіне – узмоцнілася. Наяўным паказьнікам разыходжаньня між мовамі беларускай ды ўкраінскай зьяўляецца слоўнік першай паловы XVIII ст. Памвы Бярынды ў „лексыконе славянороскім”. (Тамсама, с. 267)
Удзельная вага ўкраінскай лексыкі ў старабеларускай пісьмовасьці была неаднолькавай на працягу цэлай гісторыі разьвіцьця беларуска-ўкраінскіх моўных сувязяў. Найбольш разьвітай была тэндэнцыя росту ўкраінізмаў на Беларусі з канца XVI – пачатку XVII ст., калі многім дзеячом украінскае культуры прыходзілася жыць на тэрыторыі ВКЛ. Гэта быў час дзейнасьці праваслаўных брацтваў на беларускай тэрыторыі.
Зь нешматлікіх прыкладаў украінізмаў, якія сустракаюцца ў тэкстах старабеларускай пісьмовасьці, вынікае, што не паявіліся яны ў выніку панаваньня ўкраінскае мовы ў ВКЛ, але зьяўляюцца выпадковымі асаблівасьцямі, якія замацаваліся з прычыны блізкасьці паўднёвых беларускіх дыялектаў да паўночна-ўкраінкіх, а таксама ў выніку кантактаў паміж беларускімі і ўкраінскімі культурна-рэлігійнымі дзеячамі. Не аказалі аднак яны ўплыву на разьвіцьцё беларускае мовы – падкрэсьлівае ўсьлед за Ўладзімерам Анічэнкам Вацлаў Пануцэвіч.
Цікавы погляд беларускага эміграцыйнага дасьледніка таксама на ролю беларускае мовы ў пазьнейшы пэрыяд – XVIII-XІX ст.ст. Не пагаджаецца ён з тэзай, што пасьля заняцьця польскай мовай напрыканцы XVII ст. функцыі мовы дзяржаўнай, беларуская перастала зусім разьвівацца. „Kali ŭ narodzie paralelna raźvivałasia niekalki litaraturnych movaŭ, to ŭ niekatorych peryjadach jaho historyi nastupała pieratasoŭka viadučych litartaurnych movaŭ. Takim čynam polskaja mova ŭ 18-19 st.st. ŭ našym litaraturnym pracesie zaniała viadučaje miesca. Ale heta nie značyć, što kryvickaja i inšyja movy našaha litaraturnaha pracesu byli zabaronieny, ci zamierli. Jany płyli mienšymi ciokami.” – піша В. Пануцэвіч. У гэтым пэрыядзе разьвівалася школьная драма зь дзьвюма моўнымі стыхіямі: крывіцкай і польскай, народныя тэатры „батлейкі” з крывіцкімі інтэрмэдыямі; разьвівалася вусная народная творчасьць зь песьнямі, былінамі, паэтычнымі аповесьцямі, казкамі й г. д. (V. Panucevič, Da pytańnia pra miesca Prancisia Bahuševiča ŭ historyi biełaruskaj litaratury. (Artykuł A. Adamoviča ŭ Zapisach 3, 1964 h.), u: „Litva”, № 1, studzień – červień 1967, Čykaha, s 250-252).
Праблему палянізацыі шляхты ў ВКЛ і ролю Каталіцкага касьцёла ў гэтай палянізацыі Вацлаў Пануцэвіч закранае ў артыкуле пад назовам Польская мова ў XIV-XVIII стст. а каталіцкая царква ў Вялікім Княстве Літоўскім („Litva”, № 2, Čykaha, lipień – śniežań 1967, s. 3-54).
Мова ВКЛ ужо ад часоў Казіміра Вялікага была, побач лаціны, мовай дыпляматычных зносін Польшчы зь Літвой, Галіцкай Русьсю ды Масковіяй. Марцін Бельскі у сваёй Kronicy wszystkiego świata (Кракаў 1551) піша: „Rusini nad nas wiele mają, iż przyrodzonym językiem piszą i czytają, a my cudzoziemskim łacinskim... który nie może iść każdemu u nas w posłuch tak w kościelech, prawiech jako i dzie indziej, gdyż nie każdy tej rzeczy łacińskiej rozumie ani pisze”( Vacłaŭ Panucevič, Polskaja mova ŭ XIV-XVIII stst. a katalickaja carkva ŭ Vialikim Kniastvie Litoŭskim, u: „Litva”, № 2, Čykaha, lipień – śniežań 1967, s. 12).
Дык калі распаўсюдзілася польскя мова ў Літве, і якія прычыны ўспамагалі гэты працэс? – задумоўваецца Вацлаў Пануцэвіч на старонках часопіса „Літва”. Стараючыся знайсьці адказ на гэтае пытаньне, В. Пануцэвіч зьвяртае ўвагу на гістарычныя чыньнікі. У пару ўспыху рэфармацыі ў 1563 г. выбухла зацяжная вайна з Масквой за Лівонію, якая ў 1561 г. прыняла пратэктарат Літвы й Польшчы, а Латгалія была далучаная да Літвы. Вайна цягнулася да 1582 г. За гэты час тэрыторыя Літвы сталася ваеннай прасторай, на якой сустракалася польская шляхта зь літоўскай. Адбывалася агітацыя палякаў за шчыльнейшую вунію ВКЛ з Польшчай, за дэмакратызацыю й за лепшыя правы для шляхты. Польская мова станавілася супольнай мовай. Ужо ў гэтым часе польская шляхта двойчы дамагалася ў Жыгімонта Аўгуста (у 1565 і 1568 гадох), каб лісты з Канцылярыі ВКЛ пісаліся да яе па-польску альбо па-лаціне, бо рускага пісьма не разумее. Жыгімонт Аўгуст адкінуў гэтыя патрабаваньні, але загадаў далучаць пераклад ў лацінскай мове – адзначае В. Пануцэвіч (тамсама).
Другой спрыяльнай умовай для пашырэньня польскае мовы ў ВКЛ была кірыліца й традыцыйны царкоўна-славяна-рускі правапіс з скаротамі й тытламі. Беручы пад увагу факт, што моладзь у той час атрымлівала адукацыю ў пачатковых школах у лацінскай мове, а потым працягвала навуку ў замежжы таксама ў гэтай мове, дык цяжка ёй было чытаць амаль што рукапісныя кірылічная тэксты. Шкада, што Ф. Скарына ды іншыя культурныя дзеячы XVI ст. ня ўпросьцілі кірылічных літар і не ўвялі фанэтычнага правапісу – піша В. Пануцэвіч на старонках часопіса „Літва” (тамсама, с. 27-29).
У 1696 г. Генэральная Канфэдэрацыя пасьля безвыніковага выбарчага Сойму пастанавіла, каб пісар земскага ваяводзкага суду, дзе будуць адбывацца Галоўныя трыбунальскія суды, запісваў пастановы па-польску, а не па-руску. Годам пазьней вальны Сойм зацьвердзіў у агульным гэты праект, не закранаючы бліжэй пытаньня мовы ў ВКЛ, а толькі ў „pactach conventa” паміж усімі станамі Каралеўства й Літвы з аднаго боку, а каралём Фрыдрыхам Аўгустам з другога сказана: „У справах і пасольствах ад Рэчыпаспалітай мы, згодна даўных законаў, ня будзем карыстацца сваёй пакаёвай пячаткай або сыгнэтам, і абяцаем выдаваць усе лісты, справы і публічныя легацыі толькі на мове польскай і лацінскай, а ня іншай”( тамсама, с. 29).
З гэтых дакумэнтаў зусім не вынікае забарона беларускай мовы ў ВКЛ у лякальным карыстаньні ці ў царкве, але польская мова, побач лацінскай, ставалася мовай цэнтральных ворганаў дзяржаўнае ўлады – адзначае В. Пануцэвіч (тамсама, с. 30-31). Аўтар публікацыі дадае на старонках „Літвы”, што ў той час не назіралася палянізацыі ВКЛ, таму што не назіралася адыходу ад самастойнасьці й незалежнасьці сваёй краіны ды прызнаваньня Польшчы й польскасьці за свае этнічныя каштоўнасьці. Гэта паявілася толькі на грунце пазытывістычных ідэяў пасьля паўстаньня 1863 г. – заўважае В. Пануцэвіч на старонках часопіса ,,Літва”.
Ніна Баршчэўская