
Літоўшчына, літоўская ідэя, калі заўгодна, міф аказаўся надзвычай жывучым, бо і ў пачатку XXI ст. ён працягвае сваё існаванне, натхняе, узрушвае, выклікае дыскусіі, што, на нашую думку, толькі пацвярджае яго аўтэнтычнасць і неўміручасць. Таму са шчырай зычлівасцю хочацца параіць яго апанентам перастаць змагацца з тым, што немагчыма і непатрэбна перамагаць ды скіраваць свой імпэт ды высілкі на ніву станоўчай, стваральнай працы, якой яшчэ з гакам хопіць не на адну генерацыю палымяных прыхільнікаў беларушчыны.
А таксама варта чарговым разам нагадаць, што беларуская гісторыя і традыцыя нібы тое карэнне пераплятаецца з літоўскай, іх немагчыма падзяліць, не пашкодзіўшы жыццёвага суладдзя першапачаткаў. Са старога літоўскага дуба ападае лісце і жалуды, з іх узрастае і беларускае дрэва, камель якога ўжо іншы, ён па-свойму прадзіраецца ў неба. Але ўсё адно растуць і ўзнаўляюцца пад тутэйшым небам дубы, ствараючы разам святы гай. Літва ёсць гэткай супольнай святыняй, а ўсе, хто яе шануе — літвіны.
http://kryuja.org/artykuly/dziermant/dziermant_litviny.html