Гісторыя беларускага войска ад гузіка да спражкіЛяхор, В.А. Военная символика белорусов. Знамена и мундиры. – Минск: Харвест, 2014. – 224 с.Займаючыся гісторыяй, а таксама вайскова-гістарычнай рэканструкцыі я заўсёды звяртаю ўвагу на выданні, прысвечаныя уніфармістыцы. Аднак, калі пра мундзіры армій еўрапейскіх краін літаратуры больш менш хапае, то з уніформай былых постсавецкіх краін сітуацыя значна горшая. У некаторым сэнсе свой уплыў на гэта аказала адсутнасць у беларусаў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых народаў СССР свайго “міжваеннага двадцацігоддзя”.
Гутарка ідзе пра кароткі перыяд незалежнасці, які атрымалі шматлікія еўрапейскія краіны ў 1920-1930-я гады. Тады, пасля заканчэння Першай Сусветнай вайны, шэраг нацый скарысталася з магчымасці збудаваць сваю дзяржаўнасць. У гэты час акрамя іншых інстытутаў стваралася і войска, якое мела ўласную уніформу.
Як гэта не парадаксальна, але менавіта тая “міжваенная” уніформа паўплывала на выгляд мундзіраў сучасных армій гэтых краін. Гутарка тут, перш за ўсё, пра Польшчу, Чэхію, Славакію, краіны Балтыі і г.д.
Бітва пад Оршай і беларускія сцягі
У гэтым сэнсе Беларусь, пасля 1991 года, вымушана была карыстацца традыцыямі савецкага вайсковага мундзіра, якія, нажаль, не ўлічвалі нацыянальныя і гістарычныя асаблівасці ўніформы беларускага войска. Кароткі перыяд нацыянальнага рэнесансу ў пачатку 1990-х скончыўся вядомымі палітычнымі зменамі, якія прывялі да “вяртання” савецкіх традыцый, у тым ліку і ў форменнае адзенне айчынных вайскоўцаў.
Эпоха" БНР...
..і сучасная Беларусь
Аднак цікавасць да гісторыі ўніформы беларускага войска не знікла і энтузіясты-даследчыкі па крупінках працягвалі збіраць інфармацыю па вайсковай гісторыі Беларусі ўвогуле і ўніформістыкі ў прыватнасці.
У гэтым сэнсе, адной з першых спроб агульнай характарыстыкі гісторыі вайсковага мундзіра на Беларусі стала манаграфія Віктара Ляхара “Вайсковая сімволіка беларусаў. Сцягі і мундзіры”. Як адзначае аўтар: “У кнізе прадстаўлены кароткі аналіз сцягоў і баявых штандараў, а таксама мундзіраў, непадзельна звязаных з беларускай вайсковай гісторыяй”.
Важным момантам з’яўляецца і тое, што даследчык адмовіўся ад ідэалагічных клішэ і не дзеліць гісторыю і беларускія сімвалы на “правільныя” і “не правільныя”.
“Ачарненне ўласнай гісторыі, спекуляцыі на мінулым, у тым ліку і на тэме калабарацыі і шкодныя, і няслушныя. Выжываючы ў пекле вайны, у цісках дыктатуры, беларусы бачылі розныя сімвалы, у тым ліку і зоркі на аколышках фуражак стралкоў у Курапатах, у канваіраў у сталінскіх лагерах і г.д. Наважваць ярлыкі на сімвалы і эмблемы, абвінавачваць іх у дачыненні да злачынстваў чалавечых – глупа і недальнабачна.
Сучаснаму разважнаму чалавеку зразумела: пад кожным вайсковым сімвалам былі свае героі і свае злачынцы. Што ж тычыцца “Пагоні”, то заснаванне геральдычных сімвалаў сучасных беларускіх гарадоў ставіць кропку ў гэтым пытанні. Грозны вершнік упрыгожвае гербы Віцебскай і Гомельскай абласцей, гарадоў Рэчыца, Верхнядзвінск, Лепель і іншых. Гэта перамога праўды, розума і справядлівасці”, - адзначае аўтар новага выдання.
Жаўнеры Касцюшкі...
..і ВКЛ эпохі напалеонаўскіх войн
Кніга складаецца з дзвух раздзелаў. Першы прысвечаны гісторыі штандараў беларускага войска. Даследчык грунтоўна апісвае гісторыю фармавання нацыянальных сімвалаў беларусаў, выявы якіх былі на сцягах беларускіх вайскоўцаў ад старажытных часоў, да сучаснай Беларусі.
Ёсць тут аналіз “Пагоні”, “багародзічных” сцягоў, апісанне сімвалаў паўстанцаў 1794 і 1863 гг. Акрамя гэтага, вялікая ўвага надаецца вайсковым сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, БССР а таксама сімвалам беларускіх вайсковых фармаванняў, якія стварылі немцы падчас акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гг. Асобную ўвагу аўтар надае разгляду вайсковай сімволікі незалежнай Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў.
У другой часцы кнігі Віктар Ляхар спыніўся на даследаванні гісторыі вайсковага мундзіру ў Беларусі. Калі гісторыі “адзення” беларускіх вайскоўцаў Сярэднявечча і перыяду Вялікага Княства Літоўскага айчынныя даследчыкі прысвяцілі шэраг выданняў (можна узгадаць працы: Грыгор’еў М. Войска ВКЛ ад Сасаў да Касцюшкі (1765-1794), Бохан Ю. Зброя Вялікага Княства Літоўскага 1385-1576), то ўніформу беларускіх фармаванняў часоў БНР, Грамадзянскай і польска-бальшавіцкай войнаў у Беларусі практычна ніхто не даследаваў.
Уніформа Беларускай вайсковай камісіі..
...і беларусаў у Войску Польскім
У Главе “На аскепках імперыі” між іншым разглядаецца ўніформа Беларускай вайсковай камісіі, нашых вайскоўцаў у арміях балтыйскіх краін, слуцкіх паўстанцаў 1920 года, ды жаўнераў “бацькі” Булак-Балаховіча.
Вялікім плюсам выдання з’яўляецца спроба ўзгадаць пра тое, што на момант пачатку Другой Сусветнай вайны 70 тысяч беларусаў служыла ў шэрагах Войска Польскага, а пазней, вялікая колькасць нашых суайчыннікаў ваявала ў 1-й польскай пяхотнай дывізіі ім. Т.Касцюшкі, якая фармавалася ў СССР, а баявое хрышчэнне прыняла пад Леніно на Беларусі. У Главе “У мундзірах саюзных войскаў” аўтар падрабязна спыняецца на гэтых, мала вядомых сучасным жыхарам Беларусі старонках айчыннай гісторыі.
Мундзіры беларускіх "калабарантаў" часоў Другой Сусветнай вайны
Нарэшце, вялікую цікавасць выклікае Глава “Паміж Гітлерам і Сталінам” дзе Віктар Ляхар спыняецца на ўніформе беларускіх вайсковых частак, створаных немцамі падчас акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гг. Гэтая тэматыка раней знаходзіла сваё адлюстраванне ў некаторых расійскіх выданнях (напрыклад, Драбязка С., Карашчук, А. “Усходнія дабраахвотнікі ў вермахце, паліцыі і СС”), аднак у Беларусі такія даследаванні амаль не правадзіліся.
Беларускае войска пачатку 1990-х гадоў
Варта дадаць, што новая кніга багата ілюстравана. Пры чым тут змешчаны як ўласныя ілюстрацыі аўтара, так і раней не вядомыя малюнкі іншых спецыялістаў па ўніфармістыцы і архіўныя фотаздымкі. Падаецца, што новае выданне зацікавіць не толькі айчынных, але і замежных аматараў вайсковай гісторыі.
Ігар Мельнікаў, "Гістарычная праўда"