Косава.
ЛЕГЕНДЫ ПРА КОСАЎСКІ ПАЛАЦ
НА САНЯХ ПА СОЛІ
Кажуць, што графіня Пуслоўская вельмі любіла катацца на санях. Жадаючы дагадзіць каханай жонцы, граф ладзіў катанні нават летам. Тэрасы парка засцілаліся белымі тканінамі і пасыпаліся соллю, па якой графіня і каталася на санях.
Гучыць даволі праўдападобна. Чаго не зробіш дзеля каханай жонкі, тым больш маючы мора грошай! А жонка ж потым іншым дамам пахваліцца тым, што яе муж гатовы для яе ўсё зрабіць, нават зіму летам. Тут і графу залік, бо ўсе ж ягонай жонцы зайздросціць будуць!
ЗОЛАТА ПАРТЫІ?
Самая апошняя легенда, якую распавядаюць мясцовыя жыхары, кажа, што гадоў 20 таму нейкія турысты знайшлі ў палацы больш за 100 кілаграмаў золата.
Вельмі сумнеўная легенда. Справа ў тым, што апошнія ўладальнікі палаца выграблі адсюль усе каштоўнасці і вывезлі іх у Расею. А пасля іх тут былі палякі, немцы, партызаны, мясцовыя жыхары. Наўрад ці пасля іх тут нешта магло застацца. Падчас апошніх раскопак у 2008г. археолагі радаваліся тут кожнаму цвіку, а на золата яны нават і спадзяванняў не мелі.
Калі мясцовыя фантазіі прыняць за рэчаіснасць, і палічыць, што 20 гадоў таму тут золата сапраўды адкапалі, то ўзнікае пытанне, а чыё ж гэта было золата? Можа гэта было золата камуністычнай партыі, якая закапала яго ў палацы, калі пачалася агонія Савецкага Саюза?
Дык вось дзе яно было, золата партыі!
Як бы то ні было, усе гэтыя легенды – вялікае культурнае багацце нашага краю. Ад іх нельга адмаўляцца, а трэба берагчы, пераказваць, прыдумляць новыя. Тады і турысты сюды пацягнуцца з усяго свету, і нам будзе што расказаць сваім дзецям падчас экскурсіі да палаца Пуслоўскіх.