Borys Szczuka
ЮР’Я: У ЯКІ ДЗЕНЬ СВЯТКАВАЦЬ?
https://scontent-fra3-1.xx.fbcdn.net/v/ ... e=59B3A059Добра вядомая аматарам этнаграфіі праваслаўная версія даты Юр’і веснавога ― 6 траўня ― гэта ссоўванне дня наперад, аналагічнае ссоўванню дня Яна Хрысціцеля (Івана Купалы) на 7 ліпеня. Яно адбылося ў выніку разыходжання календароў: частка праваслаўных і вуніятаў дагэтуль спраўляюць святы паводле юліянскага календара (прынятага ў 45 г да н.э.), які на 13 дзён адстае ад агульнапрынятага грыгарыянскага (1582 г.).
У каталікоў і англіканаў Юр’еў дзень (дзень св. Георгія) спраўляецца 23 красавіка, адпаведна грыгарыянскаму календару. Гэта менавіта той дзень, які ў старым стылі перанёсся на 6 траўня. І менавіта ў грыгарыянскім календары даты святаў лепей супадаюць з тымі астранамічнымі і зямнымі прыроднымі падзеямі, да якіх яны калісьці прывязваліся.
Дарэвалюцыйная беларуская этнаграфія дае згадкі веснавога свята ў гонар Юр’і з рознымі датамі: 23 (найбольш), 24 і 27 красавіка. Такім чынам, сучасны дзень 23 красавіка ёсць, верагодна, самай вернай датай для Юр’і веснавога з нам вядомых.
Але ці быў гэты дзень ад пачатку фіксаваным? І да якой прыроднай з’явы ён прывязваўся?
Навагоднія, абнаўляльныя рысы Юр’і і яго заўважная роля ў сюжэтах велікодных песень выклікаюць пытанне: ці варта ўвогуле разглядаць Юр’ю асобна ад Вялікадня? Ці не з’яўляецца Юр’еў дзень прывязаным да Вялікадня, часткай велікоднага святочнага комплексу дзеянняў ― падобна да таго, як часткамі гэтага комплексу ёсць Радаўніца і палескі Наўскі Вялікдзень?
На карысць такой прывязанасці можна згадаць яшчэ некалькі з’яваў. Гэта, напрыклад, навагодні характар балцкага Аўсеня, аднаго з бостваў-прататыпаў Юр’і. Таксама ― важная рытуальная роля яек і на Вялікдзень, і на Юр’ю. Таксама ― звесткі пра рэгіянальны юр’еўскі абыходны абрад, падобны да велікоднага. Нарэшце, вось гэтыя звесткі з кнігі Адама Багдановіча “Пережитки древнего миросозерцания у белорусов” (1895):
"...Нужно еще заметить, что названiе "великодни" относится не къ одной Пасхе, а КО ВСЕМЪ празнествамъ, начиная съ Пасхи и до Миколы включительно. ЮРІЙ и МИКОЛА такъ и называются "святочками-великодничками”... Если бѣлоруссы хотятъ указать именно на Пасху, то употребляютъ выраженiе "великъ-дзень"..."
Калі Юр’я веснавы ў свой час сапраўды прывязваўся да Вялікадня, то ён, як і Радаўніца, мог быць _рухомым_ разам з Вялікаднем, ня мець фіксаванай даты. Але гістарычных звестак пра менавіта такую прывязку мы сёння ня маем.
Можна таксама высунуць гіпотэзу прывязкі Юр’і да фазаў Месяца ― больш дакладна, да маладзіка. Змысел Юр’і як сілы, што дае ўсяму жывому пачатак і рост, добра стасуецца з архаічнымі уяўленнямі пра маладзік як фазу, спрыяльную ўсялякаму росту, у т.л. раслінаў. Калі развіць гіпотэзу, то Юр’я мог прывязвацца да 2-га маладзіка пасля веснавога раўнадзення. На сённяшні дзень гэта азначала б магчымае “акно” для рухомага свята прыблізна з 14 красавіка да 13 траўня (сярэдзіна “акна” ― 28-29 красавіка).
Нарэшце, Юр’я веснавы мог быць і, найхутчэй, быў прывязаны і да нейкіх падзеяў у мясцовай жывой прыродзе. Гэта мае глебу ў этнаграфічных звестках: у адной мясцовасці на Юр’ю “пачынае куваць зязюля”; у іншым месцы Юр’ю спраўлялі, “як толькі сыдзе снег, калі ўжо час араць і паказалася трава”. (Заўважым, што ў выпадку Беларусі сучасная дата 6 траўня зусім не кладзецца на апошнюю прыкмету.) Юр’я, як “уладар ваўкоў”, мог гіпатэтычна мець сімвалічнае дачыненне і да пачатку перыяду, калі ў беларускіх лясах шчэняцца ваўчыцы (з канца красавіка да канца траўня). Прывязка да нейкай канкрэтнай з’явы жывой прыроды таксама азначала б рухомасць свята ― хіба што ў прамежку, меншым за месяц.
Для тых, хто жадае спраўляць Юр’ю веснавога як рэлігійнае свята, будзе лагічным арыентавацца ў даце святкавання на адпаведную рэлігійную сістэму (магчыма, яшчэ не створаную). Тым жа, хто хоча ўключыць Юр’ю ў шэраг сваіх грамадовых, нерэлігійных святаў, можна раіць “грыгарыянскую” дату 23 красавіка ці любы зручны дзень у канцы красавіка.
#Вольны_архіў #volny_archiu #Jurja #Ярыла #этнаграфія #выкарыстанне_этнаграфіі #традыцыя #каляндарныя_абрады #паганства #хрысціянства #язычніцтва
Выява: Марс (адзін з аналагаў Юр'і), які едзе на калясніцы з ваўкамі. Фрагмент гравюры Мартэна ван Хемскерка.