раз ужо тут пайшла справа кнігаў, фільмаў.. варта, мяркую, і музыку далучыць..
«Classic Avantgarde» – «Новае неба Станіслава Манюшкі», Мн., 2008, «НМК».
http://depositfiles.com/files/7bhyyy8j7
«Classic Avantgarde» – «Новае неба Станіслава Манюшкі», Мн., 2008, «НМК».
Разглядаючы зграбны digipak CD-альбому «Новае неба Станіслава Манюшкі», прыгадваю часіны свайго савецкага юнацтва, калі, захапіўшыся музыкай, заходзіў рэґулярна ў буйнейшую на ўсю рэспубліку краму «Беларускі Дом Ґрампласьцінак» (на вуліцы нейкага Казлова ў Менску). Чаго там толькі ні было: амэрыканскі джаз, італьянская эстрада, польскі ды часам і брытанскі рок, неўміручая эўрапейская клясыка… Але не падумайце, што малюю рай беларускага мэлямана, бо акурат беларускага там не было нічога – ні ў джазе, ні ў року, ні ў клясыцы. Хіба ў разьдзеле фальклёру можна было нешта адшукаць. І ўжо тады я задумваўся: што ж мы за народ такі, раз ніякага сьледу на зямлі не пакідаем?.. І мо так бы й паверыў у наш мёртвы дух, каб выпадкова на выставе польскіх кружэлак ня трапіў у рукі дыск нейкага замежнага ґенія Станіслава Манюшкі. І на маю юначую галаву пасыпаліся пытаньні: а што ж гэты паляк падбіраў да сваёй музыкі паэтаў з нашых краёў (Міцкевіча, Сыракомлю, Чачота), ды што ў яго за фальварак такі Убэль, аб якім палякі нават ня згадваюць пра знаходжаньне, а ў сэрцы Беларусі на Чэрвеньшчыне (колісь Ігуменшчыне) ёсць такі Убэль. Ці не апранулі зноў прынца ў жабрака, а мы, сучасныя пераверкі, усё паддаемся старому падману?
На тым юначыя ўспаміны не сканчаюцца, бо ня толькі палякі прысабечылі наш скарб, але й маскоўская фірма «Мелодия», якой БССР даверыла ахоўваць свой музычны даробак, сьпісвала таго ж Манюшку ў польскую скарбонку нават тады, калі я незнарок патрапіў у той самы Убэль (кілямэтраў 70 ад Менску) ды пераканаўся, што менавіта там нарадзіўся сусьветны ґеній музыкі, менавіта там знаходзіцца адзіны ў сьвеце музэй Манюшкі. І менавіта МАНЮШКАМІ можна назваць тых, хто працягваў МАНІЦЬ нам пра мітычныя крыніцы такога роднага й зразумелага нам прозьвішча (нібыта ён зь нейкага таямнічага роду Монькаў, а мо нават і з далёкіх ледзь ня Монтэ-Крыстаў). Дык чаму ж тады так ганарліва шанаваў свае песьні з-над Нёмна й Дзьвіны, складзеныя паводле фальклёру родных мясьцінаў. Родных нам і родных сабе.
Дык вось пачаткам руйнаваньня маны пра Манюшку стаў гадоў пяць таму акурат канцэптуальны дыск ансамбля «Classic Avantgarde», дзе найлепшымі беларускімі артыстамі быў узноўлены знакаміты цыкль «Песьні з-над Нёмна й Дзьвіны», дзе наш клясык Ян Чачот пераклаў на польскую мову шэдэўры беларускага фальклёру, а сучасныя паэты вярнулі тыя пераклады назад у мову беларускую.
І вось да 190-годзьдзя Станіслава Манюшкі Беларуская фільгармонія правяла ў траўні 2009-га прэзэнтацыю чарговага творчага чыну таго ж ансамбля – маштабнага альбому «Новае неба Станіслава Манюшкі».
Тут таксама ёсць нямала твораў двайнога перакладу. Мы ж памятаем, што беларуская мова была афіцыйна забаронена адмысловым указам сьпярша палякамі, потым расейцамі, таму паэта Ян Чачот, сабраўшы мноства беларускіх фальклёрна-песенных скарбаў, з патрэбы падпарадкаваньня тагачаснаму рэжыму пераклаў іх на польскую мову. Але нават «Песьні з-над Нёмна й Дзьвіны» ня сталі ў яго «Песьнямі з-над Віслы й Одэру» або «Песьнямі з-над Акі й Волгі». У новым альбоме «Classic Avantgarde» з таго цыклю ёсць песьні «Гай шуміць» і «Ах, далёка замуж», але не бянтэжцеся, калі ў вашую калецыю патрапяць абедзьве Манюшкаўскія кружэлкі «Classic Avantgarde», бо калі на першай сольныя вакалы названых песень сьпявае Натальля Залатарова, дык на другой Тацьцяна Цыбульская і Алена Золава. Манэры настолькі адрозныя, што можна было б і на адным дыску выдаваць.
Акрамя таго ў новую праґраму шэдэўраў беларускай клясычнай музыкі ўвайшлі й фраґмэнты буйных сімфанічных твораў: струнны квартэт №1 рэ мінор, інтрада да апэрэты «Лятарэя», розныя апрацоўкі полек, мазурак, кананічныя творы… Безумоўна, такі рэпэртуар патрабуе й выканаўцаў падобнага ўзроўню, таму варта назваць сярод стваральнікаў гэтага адметнага альбому й Віктара Скорабагатава (барытон), Юрыя Гарадзецкага (тэнар), Уладзіміра Громава (барытон) ды ўвесь ансамбль «Classic Avantgarde» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава. Не выпадае ў гэтай рэцэнзыі пералічыць усе іхнія рэґаліі, перамогі на прэстыжных эўрапейскіх конкурсах, але цікаўны слухач сам знойдзе патрэбныя зьвесткі ў надзіва аб’ёмным ды інфарматыўным буклеце (аж на 32 старонкі). А ўступны артыкул музыколяґа Сьвятлены Немагай дазволіць асэнсаваць пачуцьці кампазытара нават нэафітам клясычнай музыкі. І, дарэчы, усе тэксты буклета пададзены на беларускай, польскай, анґельскай мовах, што дазволіла нават мне адчуць глыбінны сэнс віртуознай канцэпцыі стваральнікаў альбому «Новае неба Станіслава Манюшкі». Бо «неба» тут не «sky», а «heaven». Г.зн. «новае ўзьнясеньне», «новае ўсшэсьце» нацыянальнага ґенія ў першакрынічнай форме быцьця. У родным коле!
Вітаўт МАРТЫНЕНКА