каваль » Вт ноя 16, 2010 2:25 am
А вот как Ягайло начинал крестить Литву :
1387.[II.20], ipso die Cinerum. Вільня. Кароль Польшчы, найвышэйшы князь літоўскі Уладзіслаў (Ягайла) надае шэраг правоў і вольнасцей рыцарам і баярам ВКЛ, якія прынялі каталіцтва: ім дазволена без перашкод распараджацца сваёй маёмасцю; у кожнай кашталяніі альбо павеце ВКЛ па польскаму ўзору прызначаны суддзя і юстыцыярый для выканання судовых выракаў; каталіцкай шляхце дазволена вольна выдаваць дачок і сваячак замуж; рэгламентаваны пытанні наследавання маёмасці ўдовамі; каталіцкая шляхта вызвалена ад дзяржаўных прац за выключэннем будаўніцтва альбо рамонта замкаў; шляхта за свой кошт павінна ўдзельнічаць у ваенных паходах, а ўсе дарослыя мужчыны ўдзельнічаюць у праследаванні ворага, якое завецца традыцыйна "пагоняй".
Арыгінал: цяпер невядомы. Копія 1: Зборнік прывілеяў, складзены ў 1541 г. па загаду каралевы Польшчы, в.к.л. Боны Сфорца. Цяперашнее месцазнаходжанне невядомае. - Копія 2 (па копіі 1): Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў у Маскве. Ф. 389 ("Литовская Метрика"). Воп. 1. Кн. 25 (25-я кніга запісаў), арк. 1 - 2 адв. Кніга перапісана ў 1598 г. - Копія 3 (па копіі 2): Archiwum główne akt dawnych (AGAD) у Варшаве. Tak zwana Metryka Litewska, ML 203. Гэта копія зроблена ў 1780-х гадах па загаду А. Нарушэвіча. Самастойнага значэння не мае.
Асноўныя публікацыі: Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529. Tudzież rozprawy sejmowe o tychże prawach od roku 1544 do roku 1563. Poznań, 1841. S. 1-2 (паводле варшаўскай копіі, з недакладнасцямі); Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Т. 1. IX-XVIII ст. / Склалі В.К. Шчарбакоў, К.І. Кернажыцкі, Д.І. Даўгяла. Менск, 1936. С. 210-211 (беларускі пераклад); Lietuvos TSR istorijos šaltiniai. T. 1. Vilnius, 1955. P. 57, № 80 (літоўскі пераклад); Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. С древнейших времен до середины XVII века. Мн., 1959. С. 101-102, № 34 (рускі пераклад); Хрестоматия по истории Белоруссии. С древнейших времен до 1917 г. / Сост. А.П. Игнатенко, В.Н. Сидорцов. Мн., 1977. С. 24-25, № 3 (рускі пераклад); Уния в документах. Мн., 1997. № 2. С. 64-68 (рускі пераклад); Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 25 (1387-1546): Užrašymų knyga 25 / Parengė D. Antanavičius ir A. Baliulis. Vilnius, 1998. P. 35-37, № 1 (паводле маскоўскай копіі; лепшая публікацыя); Прывілей 1387 г. / Пер. з лац. А. Ліцкевіч // Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак: А-Я. Мн., 2010. С. 426-427.
Пераклады дакумента на беларускую і рускую мовы, якія друкаваліся ў 1936 і 1959 гг. і перадрукоўваліся пазней, былі зроблены па першай недакладнай публікацыі 1841 года, таму яны патрабуюць некаторых карэктываў, асабліва ў той частцы, што тычыцца правоў удоваў. Электронная версія зроблена па выданні Д. Антанавічуса і А. Балюліса з выбарачнай праверкай па мікрафільму 25-й кнігі запісаў ЛМ (праверана правільнае ducendum супраць памылковага dotandum, як у публікацыі 1841 г.). Пераклад з лаціны мой, спецыяльна для сайта.
Дата: у 1387 г. папяловая серада (дзень попелаў) прыходзілася на 20 лютага.
1 У рукапісе: pincerna.
Прывілей караля Уладзіслава, што датычыцца пэўных вольнасцей, нададзеных жыхарам Вялікага княства Літоўскага па ўзору вольнасцей Каралеўства Польскага, дзе ўстанаўліваюцца і ўводзяцца суддзі ў рэгіёнах.
У імя Гасподне. Амінь. Для вечнай памяці.
Мы, Уладзіслаў, з ласкі Божай кароль Польшчы і найвышэйшы князь Літвы і наследнік Русі і г. д., жадаем давесці да ведама ўсіх, каму належыць, што, ўзважыўшы чуткім і добрасумленным роздумам набожную і вольную прыязнасць шчырай любві, якую наш народ літоўскі выяўляе да прыняцця хрышчэння ды артадаксальнай і каталіцкай веры, і жадаючы гэту прыязнасць наданнямі і дараваннямі правоў і вольнасцей набожнейшым чынам пашырыць, для прымнажэння святой веры і ўзмацнення трываласці каталіцкай рэлігіі, усім і кожнаму літвінам, якія носяць зброю, альбо баярам, што знаходзяцца пад нашай уладай, а асабліва светлага князя пана Скіргайлы, князя Літоўскага і пана Трокскага і Полацкага і г. д., падданым, хрышчаным і жадаючым хрысціцца, даем і ўстанаўліваем вольнасці і правы ніжэй апісаныя, якія будуць заставацца ў моцы на вечныя часы.
А менавіта кожны чалавек, хто носіць зброю, альбо баярын, што прымае каталіцтва, і яго законныя наследнікі і пераемнікі маюць права вольна і ўсяляк, як толькі можна, мець, трымаць, валодаць, прадаваць, адчужаць, абменьваць, перадаваць, дарыць і ў сваім уласным нязмушаным дабрачынным карыстанні вольна распараджацца замкамі, рэгіёнамі, маёнткамі, дамамі і ўсім, чым валодаюць па праву пераемства за бацькам, каб яны карысталіся і цешыліся тымі ж правамі, што іншыя нобілі ў іншых землях нашага Каралеўства Польскага, каб не бачылася няроўнасць у правах паміж тымі, каго аб'яднала падданства адной і той жа Кароне.
Жадаем, каб у любой кашталяніі і рэгіёне альбо тэрыторыі былі б устаноўлены і пастаўлены адзін суддзя, які б слухаў справы скаржнікаў, выносіў бы судовыя выракі паводле вызначанага звычаю і права, як у іншых судовых землях і рэгіёнах, дзе засядаюць суддзі нашага Каралеўства Польскага, і адзін юстыцыярый, які б належным чынам выконваў судовыя рашэнні.
Устанаўліваем і надаем тым жа людзям, хто носіць зброю, поўную і ўсямерную магчымасць вольна выдаваць замуж сваіх дачок, унучак [варыянт: пляменніц] і любых дзяўчынак, звязаных з імі сваяцтвам, а таксама ўдоваў, захоўваючы адносна такіх каталіцкі абрад.
Калі ж дачка, унучка альбо якая-небудзь сваячка тых жа людзей, якія носяць зброю, застанецца ўдавой пасля смерці свайго мужа, тую жадаем пакінуць у валоданні маёмасцю альбо ўладаннямі яе мужа на працягу таго часу, пакуль будзе захоўваць удаўство. Калі ж каторая захоча паўторна выйсці замуж, то сама пераходзіць да мужа, якога выбярэ, а маёмасць і ўладанні адыходзяць да дзяцей, калі яны ёсць, а калі няма, то да бліжэйшых сваякоў яе папярэдняга мужа, таксама ж, як і іншыя жанчыны-удовы выходзяць замуж у іншых землях нашага каралеўства.
Не жадаем, звыш таго, вышэй згаданых людзей, хто носіць зброю, абавязваць да выканання нашых альбо нашых пераемнікаў прац, за выключэннем выпадкаў, калі ўся Літоўская зямля заклікаецца да будавання новага замка: тады кожны чалавек будзе абавязаны выконваць працы па будаўніцтву альбо ўзнаўленню старога замка. У паходзе ж, пакуль ён будзе працягвацца, згодна са старажытным звычаем пераход абавязаны рабіць за свой кошт і сродкі.
Калі будзе патрэба праследаваць якіх бы там ні было ворагаў, непрыяцеляў і самой зямлі нашай Літоўскай уцекачоў, то для праследавання такім спосабам, які традыцыйна завецца "пагоняй", абавязаны выступаць не толькі людзі, хто носіць зброю, але і кожны мужчына, у якіх бы абставінах ці становішчы ён ні знаходзіўся, толькі б мог насіць ваенную зброю.
Усялякі ж, хто, прыняўшы святую каталіцкую веру, ад яе праклятым чынам адступіцца, альбо адмовіцца яе прыняць, няхай не будзе ў поўнай меры цешыцца вышэй апісанымі правамі.
У пасведчанне гэтага дакумента падвешана наша пячатка.
Прынята ў Вільні, у сам дзень попелаў, у год Гасподні 1387.
У прысутнасці славутых князёў: Скіргайлы трокскага, Вітаўта гарадзенскага, Карыбута наваградскага, Казіміра альбо Карыгайлы мсціслаўскага, Аляксандра альбо Вігунта кернаўскага - літвінаў; Конрада алясніцкага, Яна і Земавіта мазавецкіх князёў, і шляхетных мужоў: Барташа з Вісенбурга, ваяводы пазнанскага; Крысціна, кашталяна сандоцкага; Валодкі, чашніка кракаўскага; Мікалая, кашталяна вісліцкага, маршалка нашага двара; Спыткі, падкаморыя кракаўскага; Клемента, кашталяна радамскага; Якуша з Нядзведзя, харунжага; і Томкі, падчашага кракаўскага; і іншых многіх мужоў, вартых даверу.
Запісана Андрэем, сынам Яна. Дадзена праз рукі шляхетнага мужа пана Заклікі, прэпазіта сандамірскага і канцлера; Клемента з Маскожува, падканцлера двара нашай вялікасці