Бел-чырвона-белы сьцяг над Крымам і мяжа ЭўропыЗьбіраючы матэрыялы пра наш нацыянальны сьцяг, я напаткаў вось такое дзіва.

Крым на Каталёнскім атлясе сьвету (Atles català). А. і Е. Крэскесы, в. Маёрка, 1375. Захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі. Выява прадстаўленая Радыё Свабода - Library of Congress/Science Photo Library (Courtesy Image)
Так, гэта Крым на старадаўняй мапе (поўдзень зьверху).
Каталёнскі атляс 1375 году — ілюстраваны атляс сьвету аўтарства вядомых картографаў і кніжных ілюмінатараў бацькі й сына Абрагама і Ефуды Крэскесаў, якія жылі на высьпе Маёрка і, адпаведна, увасаблялі сваёй творчасьцю маёрскую картаграфічную школу.

Каталёнскі атляс сьвету (Atles català). А. і Е. Крэскесы, в. Маёрка, 1375. Захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі
Укладзены на замову іхнага апекуна караля Арагону Пэдра IV для падарунку францускаму манарху Каралю VI. Мова Атлясу каталянская. Каштоўнасьць яго ня толькі ў перадачы геаграфічных уяўленьняў эпохі, але і ў тым, што шэсьць аркушоў пэргамэнту на драўляных панэлях, складзеныя ў гармонік, багата і па-мастацку ілюстраваныя, у тым ліку золатам і срэбрам, і з геральдычнымі выявамі. Каталёнскі атляс добра ведаюць гісторыкі і геральдысты; у Беларусі яго дасьледуе Аляксей Мартынюк.

Заходняя Эўропа
Навукоўцы лічаць, што Атляс — свайго роду масток ад ранейшых алегарычных і часта фантастычных Mappaemundi (мапаў сьвету — лац.) да геаграфічна дакладных парталянаў —вывераных тагачаснымі навігацыйнымі прыладамі мапаў узьбярэжжаў і партовых гарадоў, вельмі патрэбных капітанам вайсковых і гандлёвых караблёў. Сапраўды, у Атлясе ўзьбярэжжы паказаныя даволі дэталёва і, відаць, адпаведна эпосе дакладна. Дарэчы, тагачасныя картографы міждзяржаўных межаў не паказвалі, а палітычную прыналежнасьць зямлі ці гораду тут пазначалі сьцягам ці гербам.
Чаму ж над пераважна татарскім, а да таго грэцкім і гоцкім Крымам горда залунаў быў бел-чырвона-белы сьцяг?Дрэўка сьцягу ўваткнутае ў крымскую зямлю ля гораду Caffa (Фэадосія). З XIII па XV ст. Кафа, як і шэраг іншых гандлёвых калёніяў на крымскім узьбярэжжы, належала Генуэскай рэспубліцы, прычым Кафа была сталіцаю Газарыі — шматлікіх валоданьняў Генуі на Чорным моры (у тым ліку цяперашніх Балаклавы і Сочы). Часткова Генуя адваявала пасьлябізантыйскую спадчыну ў канкурэнта — Вэнэцыі; Кафу перадаў Генуі ў валоданьне Мангу-хан у Крыме. Ханы давалі калёніям поўнае самакіраваньне, хаця канфлікты бывалі. Насельніцтва добра ўмацаваных і багатых генуэскіх калёніяў было поліэтнічнае і талерантнае. Генуэскія місіянэры пашыралі тут хрысьціянства.
Апякун Генуі — сьвяты Юры (San Giorgio, Sàn Zòrzo па-генуэску)
Адпаведна выглядае і герб Генуі.

Сьцяг Генуі, як і належыць і як яго выявілі Крэскесы, — чырвоны крыж сьв. Юр’я на белым палатне. Такі сьцяг поруч з чырвона-залатым бізантіыйскім відаць над Канстантынопалем, які дажываў апошнія дзесяцігодзьдзі перад турэцкім нашэсьцем.

Картограф так абазначыў генуэскую калёнію Galata над затокай Залаты Рог (рэха — у назьве стамбульскай футбольнай каманды «Галатасарай»).
А бел-чырвона-белы трохпалосны — варыянт сьвятаюраўскага. Вось такая даўняя агульнаэўрапейская традыцыя, прычым спрадвеку вядомая і ў нашым рэгіёне.

Інфармацыі — яўнай і схаванай — і загадак у Атлясе гэтулькі, што іх хопіць яшчэ на многія дасьледаваньні.
Але чым далей ад роднага аўтарам Міжземнага мора (і добра знаёмага мараплаўцам мора Чорнага), чым глыбей у кантынэнтальныя лясы ці стэпы — тым больш апасродкаванай інфармацыі, прыблізнасьці, домыслаў. На глыбокім сухазем’і марскія картографы з чужога пераказу ссоўваюць маштабы, скажаюць назвы гарадоў. Затое ёсьць дзе разгарнуцца і фантазіі гістарычных рамантыкаў.
Для гістарычнай геаграфіі Беларусі матэрыялу на першы погляд няшмат. І тым ня менш.
Прыблізна ў той самы час, што і Атляс, выйшла праца на гішпанскай мове «El Libro del conosçimiento de todos los regnos e tierras e señoríos que son por el mundo» («Кніга ведаў пра ўсе каралеўствы і землі і ўладаньні, што ёсьць у сьвеце») з апісаньнем разьмяшчэньня краінаў і гарадоў, а таксама з выявамі геральдыкі. Відавочна, што або аўтар «Кнігі ведаў» карыстаўся Атлясам, або Крэскесы чыталі «Кнігу ведаў», а таму яна дапамагае разабрацца ў мапах Атлясу.
Пераносімся на балтыйскі бераг.

Litefama pagana (Літва паганская) — на мапе пазначаная як горад на беразе Балтыйскага мора (у «Кнізе ведаў» гэта краіна). Думаю, што Litefama — вынік памылкі перапісваньня, была Litefania. Спалучэньне ni часта блыталі з m: хрэстаматыйны прыклад — паходжаньне слова зэніт з арабскага samt → sanit.
Чаму паганская? Бо балцкая частка насельніцтва ВКЛ была пахрышчаная толькі ў 1387 г. (аўкштота; жамойць яшчэ пазьней). Будучы юдэямі, Крэскесы, відавочна, не ўкладалі станоўчай ці адмоўнай канатацыі ў гэтае азначэньне.
Але больш пытаньняў выклікае выпісаная капітальнымі літарамі назва краіны на паўднёвы ўсход ад балтыйскага ўзьбярэжжа і ўяўнага гораду Litefama. Гэта EUROPA.Яе атачаюць знаёмыя краіны.
На захадзе
Польшча, да якой у той гістарычны момант належаў
Leon-Львоў. Але ў «львоўскія» гарады, паводле «Кнігі ведаў», уваходзіў і Тураў.

Далей на паўднёвы ўсход ляжыць краіна Rossia з аглямэрацыяй сямі гарадоў, над купаламі храмаў якіх (падобных да мячэтаў) няма крыжоў — значыць, жывуць «схізматыкі». (А ў «Кнізе ведаў» як краіна схізматыкаў апісваецца, здаецца, Польшча).
Ніжэй па Дняпры — горад Chiva, відавочна, Кіеў.
Ці пад Rossia маюцца на ўвазе «рускія» княствы Беларусі і Ўкраіны — невядома, але на ўсход ад іх, за Дняпром, ляжыць Куманія (Палавецкая зямля, кыпчакі) пад сьцягамі Залатой Арды. Вялікая рака на поўначы, што ўпадае ў Балтыйскае мора каля Рыгі, — гэта, вядома, Дзьвіна.
Паходжаньне слова Эўропа (напачатку — фінікійская княжна, якую скраў Зэўс; крыцкая багіня) да канца ня высьветлена: і ад грэцкіх каранёў, і ад сэміцкага érebh ’захад’. Першымі пачалі ўжываць слова Эўропа як тапонім старажытныя грэкі, для якіх яна была часткаю міжземнаморскага басэйну і «трохчасткавага сьвету» разам з Азіяй і Афрыкай («Лібіяй»).

Тры часткі сьвету на схеме сьв. Ізыдара, біскупа Сэвільскага. XII ст.
Гэтыя словы ня мелі цывілізацыйнага значэньня, а былі чыста геаграфічнымі паняцьцямі. Эўропа — на захад ад Эгейскага мора, Дарданэляў, Мармуровага мора і Басфору, Чорнага і Азоўскага мораў (значыць, Крым у Эўропе, а Таманская паўвыспа — у Азіі).
Нашыя ж продкі слова «Эўропа» ўведалі таксама, але пазьней. Напачатку яно (і прыметнік эўропскі) ужывалася ў гістарычна-геаграфічных перакладных трактатах: ...Татарове (...) зараз обе Сарматы(і) — азійскую і эўропскую — сроґа скаралі (Мацей Стрыйкоўскі, «Кройніка славянаў руская а панствах рускіх, польскіх і літоўскіх», пач. XVII ст.).
Для старадаўніх жа грэкаў Эўропа і Азія былі падзеленыя вадой. Таму ўжо ў эліністычную і раманскую эпоху яны шукалі паўночнага працягу воднай мяжы Эўропы і Азіі — гэта аказалася рака Дон (Танайс па-грэцку; яго лічылі мяжою Страбон і Пталемэй). Землі далей на поўнач былі слаба вядомыя грэкам. Паступова, разам з пазнаньнем новых абшараў, знаходзілі ўмоўную гідраграфічную апору для мяжы Эўропы. Гэта была камбінацыя Дон — Волга, іншыя спалучэньні лініяў рэк.
Але, зразумела, на ўсходзе Эўропы фізычна-геаграфічнай мяжы з Азіяй няма. Паступова паняцьце Эўропы набывала цывілізацыйна-культурны сэнс і адпаведна фіксавалася мяжа гэтай тэрыторыі («часткі сьвету»).
Яшчэ ў VIII ст., калі аб’яднаныя войскі хрысьціянскага Захаду пачалі выціскаць арабаў з Галіі ды Пірэнэйскай паўвыспы, таледзкі біскуп Ізыдар назваў іх Europenses. Тэрмін замацаваўся як назва гістарычна-культурнай, цывілізацыйнай супольнасьці. Адукаваныя людзі Эўропы ў канцы XIV ст., у тым ліку нашыя картографы Крэскесы, не маглі ня ведаць гэтага слова.
Што ж можа абзначаць тапонім EUROPA ў атлясе? Напісанае яно тым жа шрыфтам і колерамі, што назвы краінаў (параўн. POLONIA). Краіну? У «Кнізе ведаў» згадваецца «краіна Эўропа», але ў Скандынавіі. Крыжацкія фарпасты ў Лівоніі? Але паганская Litefama і крыжацкая Рыга пазначаныя аднолькава.
Тады, магчыма, слова EUROPA — пазначэньне эўрапейскай мяжы? Адпаведна старадаўняй грэцкай завядзёнцы — па рацэ, у гэтым выпадку па Дзьвіне (а далей на поўдзень — па Доне, на ўсход ад якога Азія?).Наагул усходняя мяжа Эўропы на старадаўніх эўрапейскіх мапах пазначалася па-рознаму. Напр., Gerard de Jode ў 1593 г. праводзіў мяжу па Доне і па той самай нашай Дзьвіне (мапа «Паўкулі па лініі экватару»).
Мапа сьвету з пэрспэктывы полюсаў. Gerard de Jode, 1593
Была і лінія Дзьвіна—Дон, і Двіна (што ўпадае ў Белае мора), і нават Об на поўначы. Расея з іміджавых меркаваньняў была зацікаўленая ў перасоўваньні ўяўнай эўрапейскай мяжы далей на ўсход, урэшце ў XVIII ст. В. Тацішчаў і некаторыя эўрапейцы прапанавалі такою цалкам умоўнаю мяжою Ўральскія горы.

Эўропа. З атлясу «Theatrum Orbis Terrarum sive Atlas Novis». Вілем Бляў, Амстэрдам, 1634.
Наколькі вядома, усе варыянты правядзеньня ўсходняй картаграфічнай мяжы Эўропы пакідалі Беларусь (прынамсі яе большую частку) на заходнім баку. А дзякуючы Каталёнскаму атлясу мы ведаем, што тэрыторыя ВКЛ і Беларусі (нягледзячы на яе «паганска-схізматычны» статус) вачыма геаграфічна далёкіх ад нас міжземнаморскіх эўрапейцаў XIV стагодзьдзя атаесамляецца з Эўропай.

Вінцук ВячоркаВядомы беларускі мовазнаўца, упараднік беларускага клясычнага правапісу. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху Беларусі з пачатку 1980-х. Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961 годзе. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку «Пра герб і сьцяг»
http://www.svaboda.org/content/white-re ... 83533.html